Вось ужо больш за два гады ў Беларусі ідуць нябачаныя са сталінскіх часоў рэпрэсіі. Сёння падставай для арышту можа паслужыць любая публічная крытыка ўлады, а "несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам" прызнаецца нават аватарка з бел-чырвона-белым сцягам у сацсетках. Людзей затрымліваюць за спалучэнне кветак адзення, інтэрв'ю незалежным СМІ, песні, лайкі, каментары, налепкі, значкі, вокладкі для пашпарта і шмат іншага. Дзесяткі грамадскіх арганізацый, якія займаліся культурна-асветніцкай і дабрачыннай дзейнасцю, былі закрыты за нелаяльнасць да дзейнага ў Беларусі палітычнага рэжыму.
Ва ўмовах фактычнай забароны любых формаў праявы іншадумства многія беларусы з'ехалі і працягваюць з'язджаць з краіны.
Ніхто не ведае, колькі яшчэ пратрымаецца рэжым Лукашэнкі і калі ў Беларусі пачнуцца дэмакратызацыя і нацыянальнае адраджэнне, аднак рыхтавацца да іх трэба ўжо зараз.
Беларусы не павінны страціць сваю нацыянальную ідэнтычнасць, нават знаходзячыся за мяжой на працягу многіх гадоў. Таму сёння вельмі важна захоўваць і развіваць усё, што робіць беларусаў беларусамі: мову, літаратуру, адукацыю, тэатр, кіно, журналістыку, блогасферу. Вельмі важна, каб людзі, якія з'ехалі са сваёй краіны, не адчувалі сябе кінутымі і заўсёды маглі разлічваць на дапамогу суайчыннікаў. Беларуская салідарнасць павінна паказваць прыклад усяму свету.
Магчыма, наша перамога не за гарамі і тады сотні тысяч беларусаў, якія не па сваёй волі вымушаны былі пакінуць Радзіму, вернуцца назад, дзе на месца выпаленай лукашыстамі пустыні народзіцца новая Беларусь без дыктатуры і дзяржаўнага тэрору, падмурак якой мы павінны пачынаць будаваць ужо зараз.