top of page

Беларус у Кіеве. Уласны кейс

"Ці можна? А як? Гэта бяспечна?"


Першыя пытанні, якія прыходзяць у галаву, калі чуеш, што нехта з беларусаў скіраваўся ва Украіну.


Дзелімся ўласным кейсам ад ЭМД.


Першыя складанасці, што вас напаткаюць у такой паездцы – перасцярогі з боку кіроўцаў падчас пасадкі на ўкраінскія аўтобусы.


Грамадзян РБ тыя стараюцца скінуць як баласт яшчэ да адпраўлення аўтобуса і тут не справа ў антыпатыях. Папросту беларусы на ўкраінскай мяжы забавязаны праходзіць спецпрацэдуры, што накідвае дадатковыя 1-5 гадзінаў праходжання для транспартнага сродку.


З-за гэтага багата хто з кіроўцаў не хоча звязвацца з гаспадарамі пашпартоў з «капустай» і адфутбольвае іх яшчэ пры пасадцы на транспарт у Польшчы.

Але, гэта не прыгавор: можна прасіцца даехаць толькі да мяжы, а там вырашаць праблемы па месцы. Проста пра гэта трэба адразу сказаць кіроўцы, што чакаць вас будзе не трэба.


Зараз дадатковага клопату можа дадаць блакаванне мяжы фермерамі з польскага боку. Блакуюць яны непаўсюдна, але гэта паўплывала ад поўнай блакады да змяншэння трафіку і чэргаў, гледзячы які пераход. Таму перад выездам гугліце.


Аснаванні на ўезд для беларусаў гэта можа быць гуманітарная місія, медыяпраца, ВНЖ-ПМЖ, пахаванне сваякоў і інш. У любым выпадку прымаць рашэнне будзе старэйшы змены з тэлефанаваннем у Кіеў. Таксама калі вы збіраецеся вяртацца ў Беларусь, варта паклапаціцца пра тое, каб вам паставілі штамп у міграцыйную картку, а не ў пашпарт. Штамп аб перасячэнні ўкраінскай мяжы выкліча залішнія падазрэнні па вяртанні ў Беларусь.


Калі складанасці чаргі пройдзены і з дакументамі ок - час рушыць далей. Пасля кантролю і дазволу на ўезд, украінскія памежнікі вас падсадзяць на іншы транспарт у патрэбны бок. Але варта ўлічыць, што акрамя чарнавіцкай вобласці паўсюль дзейнічае з 24.00 да 5.00 каменданцкая гадзіна.


Ну вось ён Кіеў! Змагарны Кіеў – засяроджаны, канкрэтны, амаль па- беларуску чысты, крыху брутальны, часам хаатычны, але вельмі сапраўдны.У Кіеве, які добра абаронены – адчыненыя буйныя ГЦ, працуюць крамы, гатэлі, рэстарацыi на любы густ.


Дзень-два на перазагрузку і ты пачынаеш убудоўвацца ў тутэйшы дзэн. Ён фарматуе і прымае цябе, і ўжо праз кароткі час ты цалкам настройваешся на яго камертон.

Праз тыдзень пачынаеш вагацца: а ці трэба ў тую Варшаву?


Бо жыццё яно тут, дзе адчуваеш гістарычны нэрв і сваю арганічнасць з людзьмі і часам.

Тут ты быццам павяртаешся да сабе сапраўднага, з’яўляешся самім сабой.

Людзей на вуліцах паменела ў параўнанні з даваенным, машын – не.


Галоўнае ў Кіеве – людзі, яны тут вельмі разнастайныя, на іх прыемна глядзець.

Хапае замежнікаў і нават турыстаў.

У мужчынскай часткі зніклі яскравыя колеры: дамінуючы колер: чорны і хакі, відавочна што мода таксама адчула адбітак вайны

Жанчыны – тут неперавершаныя і відавочна натхняюць сваіх мужччын.


Хоць людзі сталі больш засяроджаны, стрыманей, але ўсё роўна бачна прага жыцця і вера ў лепшае, што перадаецца вечнаму гораду. Тут цябе напаўняе вера што Вольны Кіеў – непераможны а значыць і Украіна непераможна!

bottom of page